Свята розуму, творчасці, таленту
17.05.2024“Зноў па нашым краі крочыць вясна, зноў вітаюць яе чароўныя салаўіныя песні, першыя навальніцы, зноў радуе нашы вочы багатая палітра кветак і матылькоў. І зноў сабралася разам наша вялікая сям’я, каб падвесці вынікі навучальнага года і прывітаць тых, хто ўнёс у скарбонку гімназіі свае дасягненні, перамогі, адкрыцці …”
Такімі лірычнымі словамі пачалося 11 мая 2024 года ў Дзяржаўнай установе адукацыі “Гімназія № 6 горада Брэста імя Маршала Савецкага Саюза Жукава Г.К.” традыцыйнае свята “Алімпіёнік 2024”, дзе адбылося падвядзенне вынікаў навучальнага года, віншаванне педагогаў, вучняў, якія сталі пераможцамі конкурсаў, навукова-практычных канферэнцый, алімпіяд па вучэбных прадметах.
Асабліва хвалюючымі і доўгачаканымі, поўнымі сюрпрызаў сталі імгненні ўручэння дыпломаў у традыцыйных намінацыях: «Вучань года», «Настаўнік года», «Сям’я года», «Жукавец года», «Клас года», «Гонар гімназіі» і многіх іншых.
У чарговы раз парадавалі ўдзельнікаў свята сваімі выступленнямі лаўрэаты абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў: Паліна Бантыш, Сафія Майсюк, Вікторыя Бандзюк, Дар’я Свібовіч, Маргарыта Філіпава, Мілана Панасюк, Канстанцін Казанцаў. Па словах прысутных, мерапрыемства стала сапраўдным святам розуму, творчасці, таленту.