Пад сузор’ем Коласа і Купалы
28.11.20222022 год праходзіць пад знакам чарговай юбілейнай даты пісьменнікаў-класікаў: сёлета адзначаецца 140 год з дня нараджэння сімвалаў беларусай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Яны найбольш поўна раскрылі характар беларуса, яго духоўны свет, пачуцці і жаданні. Памяць пра песняроў захоўваюць названыя ў іх гонар вуліцы, бібліятэкі, тэатры, навучальныя ўстановы. Іх уклад у развіцце беларускай культуры і навукі немагчыма пераацаніць.
Здаецца, многае ўжо сказана пра Коласа і Купалу, але кожны раз, дакранаючыся да жыцця і творчасці паэтаў, адкрываеш сабе нешта новае, бо глыбіня іх спадчыны сапраўды невычарпальная. Магчымасць упэўніцца ў гэтым атрымалі вучні гімназіі №4, дзякуючы шэрагу мерапрыемстваў, прысвечаных паэтам-юбілярам. Гімназісты прымалі актыўны ўдзел у паэтычнай акцыі “Не змоўкне голас песняроў”, выставе малюнкаў да твораў класікаў, віктарынах і інтэлектуальных гульнях , арганізоўвалі літаратурныя часопісы і музычныя перапынкі, пабывалі на віртуальнай экскурсіі ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа і наведалі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры ў Мінску.