РУ БЕ EN

Дзень роднай мовы ў ДУА”Сярэдняя школа №37 г. Брэста”

23.02.2022

Адзначыць Міжнародны дзень роднай мовы – гэта ўжо добрая традыцыя ў ДУА”Сярэдняя школа №37 г. Брэста”.  Напярэдадні свята вучняў запрасілі прыняць удзел у акцыях “Простыя словы па-беларуску” і “Нашы любімыя вершы”.  Колькі цудоўных творчых прац атрымалася ў дзяцей!

А Дзень мовы пачаўся з Дрэва пажаданняў: настаўнікі, вучні зрывалі кветачку з пажаданнем на дзень. І так прыемна было бачыць вочы дзяцей і калег, што неяк па-іншаму пачыналі гарэць пасля простага, цеплага слова-пажадання па-беларуску! Запрашалі настаўнікі паўдзельнічаць у  інтэрактыве “ Размаўлем на роднай мове”, падчас якога вучні дэманстравалі свае веды ў галіне беларускай мовы, гісторыі нашага краю. Былі і салодкія падарункі за ўдзел, якім дзеці вельмі радаваліся.

 Вучні адзінаццатага класа прайшліся па кабінетах школы, віншуючы ўсіх са святам і прапануючы дзецям розныя заданні са “Скарбонкі роднай мовы”.

 Ну і чаго, напэўна, не чакаў ніхто! Хвілінка адпачынку па-беларуску! Танцоры ў нацыянальных касцюмах з музычным суправаджэннем прапанавалі адпачыць і патанцаваць польку, крыжачок, лявоніху. Танцавалі нават настаўнікі ў настаўніцкай! Карацей кажучы, уся школа была напоўнена атмасферай беларускага слова, нацыянальных традыцый. Ад такіх эмоцый  душа проста спявала…

У адным з класаў прайшла літаратурна-музычная кампазіцыя, прысвечаная творчасці Максіма Багдановіча. Вучні дакрануліся да выдатнага слова класіка беларускай літаратуры, пачулі  і адчулі яго.

 Завяршыўся Дзень роднай мовы канцэртам “Гімн роднай мове”, на якім навучэнцы чыталі вершы, удзельнічалі ў інсцэніроўках, глядзелі відэа, пастаноўку школьнага тэатра “Батлейка”.

Спадзяемся, што родная мова будзе зайседы гучаць у нашай краіне і прыносіць асалоду яе жыхарам.

поделиться в: